МАСТА́ЦКАЕ КАНСТРУЯВА́ННЕ,
творчы метад праектавання, які выкарыстоўваецца для арганізацыі прадметна-прасторавага асяроддзя і ўдасканалення прамысл. вытв-сці вырабаў утылітарнага прызначэння; праектная практыка дызайна. М.к. скіравана на гарманічнае дапасаванне інж.-тэхн. і эрганамічных характарыстык (канструктыўнасць, надзейнасць эксплуатацыі, камфортнасць, тэхналагічнасць, трываласць, эканамічнасць і інш.), функцыян. формы і маст. афармлення, павышэнне канкурэнтаздольнасці вырабаў. Творчы метад М.к. грунтуецца на выніках папярэдняга функцыян.-эрганамічнага, канструктарска-тэхнал., кампазіцыйнага аналізу і маст.-канструктарскага сінтэзу; удасканальваецца на аснове даследаванняў у розных галінах навукі і тэхнікі, праектавання і практычнай рэалізацыі інж.-тэхн. ідэй па стварэнні гарманічна-вытв. побытавага і сацыякультурнага асяроддзя. Аптымальны вынік дае метад аб’ёмнага мадэліравання (макетавання) з макс. набліжэннем да праектнага знешняга выгляду аб’екта. Вырашэннем задач М.к. займаецца мастак-канструктар — дызайнер.
М.к. ўзнікла ў працэсе пераходу ад ручной да машыннай вытв-сці. З пач. 20 ст. развіваецца ў кірунку навук. пошукаў і практычных распрацовак у творчасці вядучых мастакоў, архітэктараў, інжынераў. Важную ролю ў развіцці М.к. мела творчасць Э.Вандэрвельдэ, В.Гропіуса, Ле Карбюзье, Л.Міс ван дэр Роэ і інш.
На Беларусі тэарэтычныя асновы М.к. закладзены на пач. 20 ст. ў эксперыментах мастакоў аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва». Уклад у развіццё М.к. зрабілі А.Барташэвіч, І.Герасіменка, А.Длатоўскі, С.Паланевіч, І.Селязнёў, А.Чарнышоў інш. Падрыхтоўка спецыялістаў па М.к. вядзецца ў Бел. АМ, Віцебскім тэхнал. ун-це, у шэрагу сярэдніх спец. маст. устаноў.
Літ.:
Барташевич А.А. Основы художественного конструирования. Мн., 1984;
Чернышев О.В. Формальная композиция. Мн., 1999.
Л.Я.Дзягілеў.
т. 10, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)